ПАЖА́РНЫ НАГЛЯ́Д,
сістэма мерапрыемстваў па нагляду за выкананнем правіл і норм пажарнай бяспекі. Ажыццяўляюць дзярж. органы П.н., якія праводзяць пажарна-тэхн. абследаванне прадпрыемстваў, устаноў і арг-цый, робяць заключэнне аб наяўнасці парушэнняў і даюць рэкамендацыі па іх ліквідацыі і ўзмацненні проціпажарнай аховы аб’ектаў, распрацоўваюць і зацвярджаюць правілы пажарнай бяспекі пры эксплуатацыі збудаванняў і правядзенні буд. работ; таксама накладаюць спагнанні за парушэнні правіл і патрабаванняў пажарнай бяспекі: часова прыпыняюць ці забараняюць эксплуатацыю прамысл. аб’ектаў (асобных памяшканняў, абсталявання), што працуюць з парушэннямі, выпуск і рэалізацыю прадукцыі, якая не адпавядае проціпажарным патрабаванням. На Беларусі П.н. ажыццяўляе Мін-ва па надзвычайных сітуацыях (створана ў 1999), якому падпарадкаваныя тэр. (абл.) і мясц. органы (пажарныя аварыйна-выратавальныя атрады, часці і пасты ў гарадах, раёнах, на асобных аб’ектах).
А.С.Гардзяюк, А.П.Герасімчык, В.Ф.Трапашка.
т. 11, с. 514
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)